Тры тысячы рабочых з усяго свету будуюць у Чарнобылі новы саркафаг над АЭС

Да канца году над чацвёртым энэргаблокам Чарнобыльскай АЭС, які выбухнуў 26 красавіка 1986 году, мяркуецца завяршыць новае ізаляцыйнае арачнае збудаванне — так званы «канфайнмэнт». Яго называюць яшчэ «саркафагам-2», альбо «Укрыццем-2». Еўрасаюз выдзеліў Украіне на будоўлю новага саркафага 2,15 мільярда еўра, бо ранейшы мае дзіркі і тхне радыяцыяй, піша «Радыё Свабода».

Другі энэргаблок станцыі адключылі праз пяць год пасля аварыі, першы — праз дзесяць. А 15 снежня 2000 году назаўсёды быў спынены рэактар энэргаблоку № 3. Пяты і шосты энэргаблокі так і не дабудавалі.

Цяпер спыненыя рэактары трэба зняць з эксплуатацыі і цалкам закансерваваць. На гэта спатрэбіцца сама меней шэсцьдзесят гадоў.

«Тут увесь грунт вакол станцыі зняты і звезены ў магільнікі. І асфальт паўсюль новы, — тлумачыць ураджэнец беларускага Барысава, інжынер, каардынатар ратавальных службаў пры надзвычайных сітуацыях на ЧАЭС Уладзімір Вярбіцкі. — Фон дае разбураны чацвёрты рэактар, накрыты саркафагам яшчэ ў 1986 годзе. За трыццаць гадоў эксплуатацыі ў ім паўтвараліся „дзіркі“. У лютым 2013 году над машыннай заляй гэтага чацвёртага блоку абваліўся дах — плошчаю каля 600 квадратных метраў. Таму і ўзводзіцца новы».

Яшчэ ў верасні 2007 году Чарнобыльская АЭС і французкі канцэрн Novarka падпісалі кантракт на будоўлю бяспечнага «канфайнмэнта» над аб’ектам «Укрыцце». Іншымі словамі, над старым «кажухом», які ўкрывае разбураны рэактар № 4, ствараецца яшчэ адзін — саркафаг-2.

На тэрыторыі атамнай станцыі не ўсюды дазваляецца фатаграфаваць ды здымаць на відэакамеру. Гэта можна рабіць з глядзельнай пляцоўкі — за 300 метраў ад рэактара, з боку былога гораду Прыпяць, дзе стаіць помнік героям-ліквідатарам.

За 180 мэтраў ад пашкоджанага рэактара ўзвышаецца велізарная, нібы са срэбра, напаўкруглая грамадзіна, якая нагадвае нешта марсіянскае — ці, празаічней, як бы сучасны гараж арачнага тыпу для сельгастэхнікі, але толькі вялізарны. Гэта і ёсць саркафаг-2, які каштуе 2,15 мільярда еўра.

Шырыня саркафага — 257 метраў, вышыня — 108, даўжыня — 150 метраў. Важыць ён 29 тысяч тон. І пакрыты, як высвятляецца, не срэбраным гладкім лістом, не іншым якім каштоўным металам, а карбалітавай абшыўкай. Прасцей кажучы — пластыкам.

Усіх журналістаў, вядома, дзівіць, што срэбраны арачны «кажух» будуюць не над рэактарам, а побач. Аказваецца, яго з дапамогай спецыяльных механізмаў волакам нацягнуць на стары саркафаг, які адслужыў трыццаць гадоў.

Працоўны дзень — 15 хвілін

«На ўзвядзенні „Укрыцця-2“ працуе каля трох тысяч спецыялістаў — французы, немцы, амерыканцы, туркі, палякі. Цэлы кансорцыум будуе новае „Укрыцце“. Па ўсіх прагнозах, сёлета павінен быць накрыты стары саркафаг. І ўжо пад ім будуць „латаць“ старое збудаванне», — тлумачыць Уладзімір Вярбіцкі.

Ён удакладняе, што ўзровень радыяцыі непасрэдна каля рэактара досыць высокі. Ёсць такія месцы, дзе працоўны дзень у чалавека доўжыцца ўсяго 15 хвілін. Вузел ці сегмэнт збіраюць асобна, а пасля ўжо замацоўваюць на патрэбным месцы.
«Працягласць працоўнага дня ў кожным канкрэтным выпадку вызначае дазіметрыст. Калі дзённую радыяцыйную норму чалавек набірае за 15 ці 20 хвілін, то столькі ён і працуе. Калі за тры ці чатыры гадзіны — значыць, і працягласць дня ў яго такая», — кажа Уладзімір.

Ён дадае, што цяпер Чарнобыльская АЭС нейкай небяспекі для Беларусі не нясе, а пасля здачы новага саркафага ў эксплуатацыю і пагатоў.

Адначасна на тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС пры фінансавай падтрымцы Японіі будуецца і сховішча для адкідаў. У ім мае захоўвацца адпрацаванае паліва з чацвёртага энэргаблоку ды трох іншых украінскіх атамных электрастанцыяў — Хмяльніцкай, Ровенскай і Паўднёва-Ўкраінскай.

Комментировать новость

Ваш адрес электронной почты не будет опубликован.
Обязательные поля помечены*