У беларускіх крамах грэчка даражэй, чым у суседніх краінах

Гэтыя крупы выдалілі з сацыяльна значных тавараў, бо кантраляваць цэны немагчыма. Карэспандэнт Еўрарадыё наведаў харчовыя крамы ў цэнтры Мінску і параўнаў цэны на грэчку. У “Радзівілаўскім”, што ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”, цэны пачынаюцца ад 10220 рублёў і даходзяць да 13610 рублёў. На прылаўках у асноўным расійская грэчка. Але ёсць расфасаваная ў Беларусі — і такая за расійскую даражэй! 700-грамовы пачак грэчкі беларускай расфасоўкі каштуе 12280 рублёў, у той час як 800 грамаў расійскай — 10220 рублёў.

Гандлёвы дом “На Нямізе” прапануе грэчку ад 12280 рублёў (700-грамовы пачак) да 16130 рублёў (за кілаграм). У наяўнасці выключна расійская.

У “Цэнтральным” ля Кастрычніцкай плошчы крупы каштуюць ад 10670 рублёў (700-грамовы пачак) да 13400 рублёў (900-грамовы).

Па якой цане адпускаецца беларуская грэчка, мы запыталіся ў намесніка генеральнага дырэктара “Баранавічыхлебапрадукт” Ірыны Карпоцкай (гэтае прадпрыемства, між іншым, займаецца расфасоўкай крупаў).

“Нашае прадпрыемства толькі атрымоўвае, фасуе, і ў нас абавязак забяспечваць толькі закрытыя ўстановы: дзіцячыя садкі, школы, грамадскае харчаванне, шпіталі. Калі лішак, мы можам рэалізоўваць “на бок”. У астатнім мы як любы аптавік. У краіне два вытворцы — Гомель і Гродна”.

Паводле слоў Карпоцкай, адпускная цана — 3971 рублёў плюс 10% падатак на дадатковую вартасць.

Згодна з пастановай Міністэрства эканомікі № 141, грэцкія крупы адносяцца да сацыяльна значных тавараў. Кошт на іх, здавалася б, не мусіць павялічвацца болей за 0,7% за месяц. Але куды там!

Як даведалася Еўрарадыё, 23 лютага Мінэканомікі распаўсюдзіла адмысловы прэс-рэліз “Аб цэнах на грэцкія крупы”. Грэчка больш не сацыяльна значны прадукт, як, напрыклад, і бананы.

“… дзяржаўнае рэгуляванне цэн на грэцкія крупы не прадугледжана, адпускныя цэны на яе фармуюцца арганізацыямі-вытворцамі і імпарцёрамі з улікам кан’юнктуры рынку, вызначаюцца гандлёвымі арганізацыямі з улікам надбаўкі да 30% да адпускных цэнаў”, — гаворыцца ў тэксце прэс-рэліза.

Раней Мінэканомікі запэўнівала, што з канца лютага ў крамах з’явіцца кітайская грэчка, рознічная цана на якую з улікам выдаткаў на дастаўку і фасоўку складзе 11-12 тысяч рублёў за кілаграм.

Аднак 700-грамовы пачак кітайскай грэчкі ў “Радзівілаўскім”, расфасаваны на мінскім прадпрыемстве “Ракан”, каштуе 12280 рублёў, што больш за 17500 рублёў за кілаграм. Супрацоўнік прадпрыемства распавёў Еўрарадыё, чаму такія немалыя цэны.

“Рэч у тым, што грэчка — сацыяльна значны прадукт. Больш за 30 адсоткаў дадаць да ўліковага кошту мы не можам. Ёсць кантрактны кошт, ёсць наша надбаўка. Далей робіць нацэнку рознічны гандаль”.

Меркаванні Міністэрства эканомікі аб кошце кітайскай грэчкі ў 11-12 тысяч рублёў у “Ракане” ніяк не пракаментавалі. Толькі распавялі, што існуюць складанасці з дастаўкай кітайскай грэчкі, звязаныя з перадаплатай у гэтай краіне (не дазволена), а таксама з валютай.

А якія цэны на грэчку ў суседніх краінах?

Краіна Кошт за кілаграм

Літва (Вільня) ад 7,6 да 9,7 літаў (9350-11950 рублёў)

Украіна (Чарнігаў) 23,5 грыўняў (8912 рублёў)

Расія (Смаленск) ад 76,5 да 137,6 расійскіх рублёў (8035-14470 рублёў)

Польшча (Варшава) 9,5 злотых (9930 рублёў)

Беларусь ад 12775 да 17500 рублёў

Categories: Экономика

Комментировать новость

Only registered users can comment.