За шэнген беларусы заплацілі каля 20 мільёнаў еўра

Летась нашы грамадзяне атрымалі ў два (!) разы больш “польскіх\» шэнгенаў, чым у 2010 годзе, і амаль на 40% больш літоўскіх віз. У 2010 годзе беларусы атрымалі больш за 428 тысяч шэнгенскіх візаў. І, паводле падлікаў спецыялістаў Еўракамісіі, занялі першае месца па колькасці выдадзеных шэнгенаў на аднаго жыхара краіны. Больш за ўсё выдалі віз кансулаты Польшчы, Літвы і Германіі. Еўрарадыё даведалася, што летась беларусы пабілі рэкорд 2010-га года.

Першынства па-ранейшаму захоўвае Польшча. Паводле словаў першага сакратара амбасады Паўла Марчука, у 2011 годзе кансулаты ў Мінску, Гродне і Брэсце агулам выдалі каля 300 тысяч шэнгенскіх віз.

Павел Марчук: “Консульскае аддзялення амбасады Польшчы ў Мінску выдала каля 100 тысяч віз у мінулым годзе. Тое ж самае ў Гродне — каля 100 тысяч, і ў Брэсце — каля 100 тысяч. Разам — 300 тысяч віз\».

Амаль палова віз — шматразовыя. Для параўнання: у 2010 годзе беларусы атрымалі на палову менш “польскіх\» шэнгенаў — усяго 148 891.

На другім месцы — Літва. Колькасць выдадзеных летась віз у параўнанні з 2010 годам вырасла амаль на 40%, распавядае Еўрарадыё кіраўнік аддзела грамадскіх сувязяў Міністэрства замежных спраў Міндаўгас Лашас.

Міндаўгас Лашас: “Усяго было выдадзена 116 тысяч у Мінску, а ў Генконсульстве ў Гродне — 30 тысяч”.

Гэта амаль на 40 тысяч больш, чым год таму — 146 тысяч супраць 106 тысяч 451 візы. Тут амаль палова віз таксама шматразовыя. Прычым адмову атрымалі ўсяго 93 чалавекі, а гэта — 0,006% ад агульнай колькасці пададзеных заяў.

Захавала трэцяе месца Германія, таксама павялічыўшы колькасць выдадзеных віз, падлічвае консул Вольфганг Мюлер.

Вольфганг Мюлер: “У 2011 годзе кансулат выдаў грамадзянам Беларусі 70 930 віз (у 2010 было 68 145. — Еўрарадыё). З гэтых больш як 70 тысяч віз — 26 767 былі шматразовыя і 42 390 віз — аднаразовыя і двухразовыя. Калі вы складзеце гэтыя лічбы, то ўбачыце, што сума не супадае з той, што я вам назваў спачатку. Гэта лічба, каля 1 тысячы, гэта — нацыянальныя візы. Адсотак адмоваў у візе невялікі — 0,65%”.

У двух літоўскіх кансулатах беларусы атрымалі 50 500 шматразовых віз. Колькасць нацыянальных віз Міндаўгас Лашас назваць не здолеў. Затое амаль 40 тысяч віз беларусам выдалі бясплатна. Гэта крыху менш за траціну!

Шэнгенская віза дае магчымасць наведаць любую краіну Шэнгенскай зоны і каштуе для беларусаў да гэтага часу 60 еўра. Такім чынам, толькі літоўскаму кансулату летась нашы грамадзяне заплацілі 6 мільёнаў 360 тысяч еўра. Калі ў польскіх і нямецкіх кансулатах суадносіны паміж платнымі і бясплатнымі візамі такія ж, то за шэнген беларусы заплацілі больш за 20 мільёнаў еўра.

Сума гэтая магла быць і меншай. Гэта ў тым выпадку, калі б беларускі бок пагадзіўся на прапанову Польшчы, якую агучыў для Еўрарадыё амбасадар гэтай краіны Лешак Шарэпка.

Лешак Шарэпка: “З чэрвеня 2010 года мы выступалі з прапановай аблягчэння візавага рэжыма. Вынікам бы стала тое, што вы замест 60 еўра плацілі бы 35. Але цягам больш як паўгода мы не атрымалі ніякай афіцыйнай рэакцыі на гэта з беларускага боку”.

Такім чынам, бліжэйшым часам больш танныя шэнгены нам не свецяць. Але гэта не адштурхоўвае беларусаў, і кансулаты ўжо рыхтуюцца да яшчэ большай колькасці наведвальнікаў цягам 2012 года. З гэтай нагоды ва ўсіх трох пералічаных кансулатах ужо ўведзены электронны запіс на чаргу.

Categories: Аналитика

Комментировать новость

<